БЮДЖЭ́ТНАЕ АБСЛЕ́ДАВАННЕ,
выбарачнае статыст. вывучэнне сямейных бюджэтаў для атрымання звестак пра жыццёвы ўзровень розных сац. груп насельніцтва. Пры бюджэтным абследаванні выбіраюць розныя па матэрыяльнай забяспечанасці тыпы сем’яў (па іх згодзе) і сістэматычна абследуюць на працягу года ці некалькіх гадоў: робяць апытанні дарослых членаў, выкарыстоўваюць іх запісы пра свае даходы і расходы, а таксама некаторыя дакументы (разліковыя ведамасці, пенсіённыя кніжкі і г.д.). Потым з генеральнай сукупнасці сем’яў выбіраюць найб. тыповыя і атрымліваюць звесткі пра аб’ёмы і структуру даходаў і расходаў гэтых сем’яў у розных сац. групах. Першае на Беларусі абследаванне бюджэтаў рабочых і служачых праведзена ў 1921, бюджэтаў сялян — у 1922, пазней бюджэтнае абследаванне сталі сістэматычныя.
т. 3, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)